Арган Хаманда
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Арга́н Ха́манда — электрычны клявішны музычны інструмэнт, які імітуе гучаньне клясычнага аргану мэтадам складаньня гармонікаў. Інструмэнт упершыню пабудаваны гадзіньнікавым майстрам Лорэнсам Хамандам у 1935 годзе ў Чыкага.
Гук у аргане Хаманда здабываецца з дапамогай мэталічных зубчатых колцаў, якія круцяцца пад магнітнымі гуказдымальнікамі. Калі насупраць магніту апынаецца зубец, ток у абмотцы максымальны, а на сярэдзіне прамежку між зубцамі ток падае да нуля. У выніку атрымваецца сыгнал сынусаідальнай формы. Складаючы сыгналы ад колцаў з рознай хуткасьцю кручэньня ды колькасьцю зубцоў, Хаманд стварыў тэмбр, досыць падобны на гучаньне духавога аргану. У сэрыйных мадэлях інструмэнту зьявіўся пульт дзеля дакладнай наладкі тэмбру, таксама было дададзена электрамэханічнае вібрата.
Спачатку арган Хаманда ўжываўся ў асноўным у цэрквах, як танная ды кампактная альтэрнатыва аргану клясычнаму. Аднак неўзабаве інструмэнт пачынаюць ужываць і джазавыя музыкі. У 1970-я гады арган Хаманда робіцца адным з асноўных інструмэнтаў у прагрэсыў-року. Пазьней гук інструмэнта пачалі вельмі дакладна імітаваць з дапамогай электронных сынтэзатараў, аднак дагэтуль арыгінальныя мадэлі аргана Хаманда цэняцца музыкамі.