Фізыка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Фі́зыка, Фі́зіка (ад грэцкіх φυσικός і φύσις) — фундамэнтальная навука аб прыродзе.
Прадметам фізычных дасьледаваньняў ёсьць назіраныя зьявы рэчаіснасьці («фенамены»), мэтаю — эканомнае іх апісаньне праз пабудову адпаведных тэорый (асэнсаваньне «науменаў»), мэтадам — гэтак званы навуковы мэтад.
Надзейна ўсталяванымі разьдзеламі фізыкі ёсьць тэорыя гравітацыі Эйнштэйна, клясычная электрадынаміка Максвэла, рэлятывісцкая мэханіка, квантавая фізыка, фізычная кінэтыка й статыстыка. Сучасны стан разьвіцьця фізыкі адкрывае перад чалавецтвам нечуваныя магчымасьці тэхналягічнага засваеньня тэарэтычна ўжо засвоеных абсягаў: вядомыя прыклады пэрспэктыўных дастасаваньняў даюць ядравая энэргетыка, квантавая інфарматыка, біяфізыка.
Дасюль застаюцца нявырашанымі, аднак, такія фундамэнтальныя праблемы, як фенаменалягізм Стандартнай Мадэлі ў тэорыі элемэнтарных часьціц або непраквантаванасьць гравітацыі; няма паразуменьня і з «паўфілязофскімі» пытаньнямі кшталту: Што ёсьць час? Што ёсьць розум і сьвядомасьць? Урэшце, чаму гэткай пасьпяховай сталася праграма фізычных дасьледаваньняў рэчаіснасьці; чаму Сусьвет выглядае пазнавальным? Можна спадзявацца, што разьвязаць гэтыя пытаньні станецца магчымым па стварэньні гэтак званай «тэорыі ўсяго», гэтае даўняе idee fix тэарэтычнай фізыкі.