Іван Фёдараў
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Іван Фёдараў (па-расейску: Иван Фёдоров, каля 1510 - 1583) - кнігавыдавец, асьветнік, заснавальнік кнігадрукаваньня ў Расеі і ва Ўкраіне.
Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць зь беларускага роду Рагозаў. Паводле некаторых зьвестак, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе ў 1532 атрымаў ступень бакалаўра.
Зьмест |
[рэдагаваць] Друкарская дзейнасьць у Маскве
У 1550-я гады працаваў у т. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. Зь 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расейскую друкаваную кнігу "Апостал" (захаваўся 61 экз.). Рыхтуючы яе да выданьня, першадрукары правялі вялікую тэксталягічную і рэдактарскую работу, аб чым сьведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленьні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнамэнтальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнамэнтальныя прыёмы гэтай школы, Фёдараў і Мсьціславец стварылі т. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэньне ў мастацкім аздабленьні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт "Апостала", які выкарыстоўваў Фёдараў і ў іншых сваіх выданьнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца 15 - пач. 16 ст.
29 верасьня і 29 кастрычніка 1565 Фёдараў і Мсьціславец выпусьцілі ў Маскве 2 выданьні "Часоўніка" (зьберагліся 6 экз.) - кнігі для пачатковага навучаньня грамаце.
[рэдагаваць] Выгнаньне з Масквы. Кнігадрукарства ў Беларусі
У 1566 з-за ганеньняў з боку рэакцыйных расейскіх сьвецкіх і царкоўных колаў Фёдараў і Мсьціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве (зараз Беластоцкае ваяводзтва ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага княства Літоўскага Рыгора Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 1568-1569 імі надрукавана "Эвангельле вучыцельнае" (захаваліся 44 экз.) - зборнік гутарак і павучаньняў з тлумачэньнем эвангельскіх тэкстаў. У ім зьмешчана таксама "Слова на Ушэсце" Кірылы Тураўскага - першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага аркуша кнігі ў тэхніцы ксыляграфіі зьмешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася ў Беларусі. Пасьля ад’езду Мсьціслаўца ў Вільню Фёдараў надрукаваў у Заблудаве ў 1569-1570 Псалтыр з Часаслоўцам (зьберагліся 3 экз.). У канцы гэтай кнігі змешчана Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Ф., відаць, выкарыстаў Пасхалію з "Малой падарожнай кніжкі" Францішка Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.
[рэдагаваць] Пераезд у Львоў
Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасьць, Фёдараў у канцы 1572 - пач. 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую на Ўкраіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу "Апостал" (захавалася 97 экз., што сьведчыць пра вялікі першапачатковы наклад кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выданьня 1564 з даданьнем некаторых уступных тэкстаў і пасляслоўяў "Повесть... откуду начася и како сверится друкарня сия". Гэта пасьляслоўе - першы друкаваны твор рускай мэмуарнай літаратуры. У кнізе зьмешчаныя 3 гравуры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукаша, геральдычная кампазыцыя з гербам г. Львова і друкарскім знакам Фёдарава.
У тым жа 1574 Фёдараў надрукаваў у Львове "Азбуку" ("Буквар") - першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваньнямі для навучаньня грамаце, прыкладамі спражэньня дзеясловаў, скланеньня назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстаньня "прасодый" (узоры выкарыстання над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацаваньня і разьвіцьця навыкаў чытаньня і пісьма, т. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі зь біблейскіх кніг у "Азбуцы" падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардзкага унівэрсытэта, ЗША, другі - у Лёндане).
[рэдагаваць] На службе Канстанціна Астроскага
У 1575 князь Канстанцін Астроскі запрасіў Фёдарава на службу да сябе, дзе той выконваў абавязкі аканома Дзерманскага кляштара. Каля 1578 Астроскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18 чэрвеня 1578 выйшла новае выданьне "Азбукі", дапоўненае ў параўнаньні з выданьнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэцкай мовай (захаваліся 2 экз.: у Капенгаґене і Гоце, Нямеччыня; невялікі яе фрагмэнт - у Дзяржаўнай Расейскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданьні ўпершыню надрукаваны помнік старажытнабаўгарскай літаратуры "Аб писменах" Чарнарызца Храбра пад назвай "Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску". У 1580 Фёдараў надрукаваў у Астрогу Псальтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у "васьмёрку"; зьбераглося 68 экз.). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны аркуш, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. У тым жа годзе Фёдараў выдаў паказальнік да гэтых кніг: "Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных..." - першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакумэнталістыкі альфабэтна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых слоў (збераглося 16 экз.).
5 траўня 1581 у Астрогу лістоўкай Фёдараў надрукаваў "Храналёгію" Андрэя Рымшы - першы беларускі друкаваны календар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зьберагаецца ў Санкт-Пэтэрбурґу). Да 12 жніўня 1581 надрукаваў 1-е поўнае выданне славянскай Бібліі кірыліцкага шрыфту, т. зв. "Астроскую біблію" (захавалася 275 экз.). У яе зьмесце і аздабленьні адчуваецца ўплыў выданьняў Скарыны. Арнамэнтальнае аздабленьне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнамэнтыкі скарынінскіх выданьняў. Прасочваецца тоеснасьць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расейскай бібліятэцы зьберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасляслоўяў Бібліі Скарыны).
З 1582 Фёдараў зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыцьцё новай друкарні, Фёдараў адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.
У 1583 ён пабываў у Кракаве, Вене і. магчыма, у Дрэздэне. Захаваўся ліст Фёдарава да саксонскага курфюрста Аўгуста, напісанае зь Вены 23 ліпеня 1583. У канцы 1583 Фёдараў вернуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры. На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: "Друкар кніг дагэтуль нябачаных".
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.