Фабіян Абрантовіч
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Фабіян Абрантовіч (14 верасьня 1884, засьценак Вераскоўшчына Наваградзкага павету — 2 студзеня 1946, Масква, турма «Бутырка») — беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, публіцыст, філёзаф.
[рэдагаваць] Біяграфія
Духоўную адукацыю атрымаў у Пецярбургу ў сэмінарыі і ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. 9 верасьня 1909 году пасьвечаны ў сьвятары. Працягваў вучобу ў каталіцкім унівэрсытэце ў Лювэне (Бэльгія, 1912-1914), дзе абараніў доктарскую дысэртацыю ў філязофіі. Адзін з заснавальнікаў у траўні 1917 году беларускага хрысьціянскага руху і саюзу «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць». Быў адным з ініцыятараў і арганізатараў правядзеньня ў траўні 1917 у Менску зьезду беларускага каталіцкага духавенства. 6 верасьня 1918 году Фабіян Абрантовіч разам зь біскупам Лазінскім адправіў першую беларускую імшу ў Менску. З верасня 1919 году - сябра Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19 верасьня 1919 году прыняў у Менску Юзэф Пілсудскі. Плянавалася, што ў Міністэрстве замежных справаў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме. Сябраваў зь Янкам Купалам, у студзені-лютым 1920 году дзяжурыў каля ложка хворага паэта ў менскім шпіталі. Актыўна выступаў за ўвядзеньне беларускай мовы ў набажэнства ў каталіцкім касьцёле і духоўных навучальных установах, пра што неаднаразова пісаў на старонках пэрыядычных беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica» (1917-1920, Петраград — Менск — Вільня) і «Chryscijanskaja Dumka» (1928-1929, Вільня). Як публіцыст вядомы пад псэўданімам Фабіч (Fabič). З 1918 рэктар Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Выкладаў у сэмінарыі і пасьля эвакуацыі яе спачатку ў Наваградак, а потым у Пінск. З 1926 у Ордэне айцоў марыянаў у Друі. У 1929-1938 вёў місіянэрскую дзейнасьць у Харбіне (Кітай) сярод расейскай эміграцыі. У 1939 вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, дзе ў канцы верасьня быў арыштаваны савецкімі ўладамі і зьняволены ў турму ў Львове. Закатаваны ў Бутырскай турме ў Маскве. Месца пахаваньня невядомае.
Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.