Торвальд
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Торвальд, сын Кодрана (па-ісландску: Thorvaldr Kodransson) (памёр пасля 1002 ?) — ісландскі падарожнік і місіянер, адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі і на Беларусі.
Як паведамляе “Крыстнісага” — апавяданне пра хрышчэнне Ісландыі, пад час побыту ў Саксоніі Торвальд прыняў хрысціянства, спрабаваў пашырыць яго на радзіме, за што спачатку быў асуджаны на выгнанне. У 1000 годзе, аднак, хрысціянства было прынятае ў Ісландыі ў якасці афіцыйнай рэлігіі. У гэты ж год Торвальд накіраваўся ў падарожжа ў Святую Зямлю, вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Памёр “на Русі, недалёка ад Полацку (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве святога Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым”. “Татр” (кароткая сага) пра Торвальда Вялікага Падарожніка ўдакладняе гэтыя звесткі, дадаючы, што магіла Торвальда “пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве Святога Яна”, дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Згодна з той жа крыніцай, Торвальд быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візантыйскага імператара.
Месцазнаходжанне “высокай гары ў Дрофне” дакладна не лакалізаванае. Некаторыя даследчыкі ідэнтыфікуюць яе з полацкім Верхнім замкам, насупраць якога на востраве, які, магчыма, раней называўся “Травен”, знаходзіўся манастыр Святога Яна. Не выключана, аднак, што яна знаходзілася на паўночным усходзе ад Полацка, дзе сустракаюцца падобныя па гучанні тапонімы (напрыклад, Дрэтунь). Магчымая яе ідэнтыфікацыя з “гарой Рагнеды” на паўвостраве Перавоз паміж вусцем ракі Ушчы пры яе ўпадзенні ў возера Дрыса і вытокам ракі Дрысы. Паводле народнага падання, тут быў забіты князь Рогвалад ударам каменнага молата, а потым тут жа пахаваная княгіня Рагнеда. Як на самой гары, так і ў возеры Дрыса, паводле Адама Кіркора і Аляксандра Семянтоўскага, часта знаходзілі каменныя молаты і паліцы, што можа сведчыць аб кульце Тора і існаванні тут у старажытнасці скандынаўскага пасялення. Звесткі пра Торвальда пацвярджаюць існаванне цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй у IX – X стагоддзях.
- Крыніца: Алесь Белы, Вера Рыч, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- Rafn C. C. Antiquites russes d’apres les monuments historiques des Islandais et des anciens Scandinaves. T. 2. Copenhague, 1852.
- Hauksbok. Ed. J. Helgason. (Ser. Manuscripta Islandica. Vol. 5). Copenhagen, 1960.
- Рыч В. Раньняя сьвятыня на Беларусі // Божым шляхам. № 1, 1965.
- Легенды і паданні. Мн., 1983. с. 281.
- Киркор А. К. Белорусское Полесье // Живописная Россия. Репринтное воспроизведение изд. 1882 г. Мн., 1993. с. 248.
- Struminski B. Linguistic Interrelations in Early Rus’. Northmenn, Finns, and East Slavs (Ninth to Eleventh Centuries). Rome, 1996.