Польскі Аўтаномны Раён імя Дзяржынскага
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Польскі Аўтаномны Раён імя Дзяржынскага (па-польску: Polski Rejon Narodowy im. Feliksa Dzierżyńskiego) ці Дзяржыншчына, Полраён (скарот ад Польскі раён) - аўтаномная адміністрацыйная адзінка, якая існавала ў складзе БССР цягам 1932-1938 гадоў.
[рэдагаваць] Гісторыя
У другой палове 1920-х-першай палове 30-х кіраўніцтва Савецкага Саюзу праводзіла палітыку карэнізацыі, у ходзе каторай у краіне быў утвораны шэраг аўтаномных абласьцей і раёнаў, у тым ліку два польскіх раёна: Дзяржыншчына ў складзе Беларускай ССР і Мархлеўшчына ў складзе Украінскай ССР. Мэтай існаваньня гэтых раёнаў была саветызацыя польскага насельніцтва.
Польскі Аўтаномны Раён імя Дзяржынскага быў утвораны 15 сакавіка 1932 года ў складзе БССР, каля тагачаснай мяжы СССР з Польшчай. Аўтаномія мела блізу 1000 кв. км. плошчы і 44 тысячы насельніцтва. Цэнтрам раёна стаў горад Койданаў, які ў сувязі са стварэньнем аўтаноміі быў перайменаваны ў Дзяржынск. Назву Дзяржыншчына атрымала ў гонар Фелікса Дзяржынскага, стваральніка Ваеннай Надзвычайнай Камісіі (ВЧК).
Аўтаномія палякаў, якія насялялі Дзяржыншчыну, не была фікцыяй. На тэрыторыі раёна дзейнічалі польскія школы і бібліятэкі, выдаваліся польскамоўныя кнігі, газэты і часопісы. Польская мова была адной з афіцыйных моваў раёна. Яна ўжывалася ва усіх партыйных і дзяржаўных установах раёна, уключна зь міліцыяй і судамі.
У той жа час палякі дый іншыя насельнікі Дзяржыншчыны падвяргаліся інтэнсыўнай камуністычнай прапагандзе, якая почасту была для іх чужою, але была блiзкаю палякам-камунiстам, колькасць якiх у партыйным кiраўнiцтве была занадта вялiкая. Раён, як і ўвесь Савецкі Саюз, перажыў калектывізацыю і ганеньні на рэлігію, якім насельніцтва аказала значны супраціў.
Прычыны ліквідацыі польскіх аўтаномій ня вельмі ясныя. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Сталін займеў іншыя планы адносна лёсу Польшчы і не жадаў мець у Савецкім Саюзе польскіх адміністрацыйных адзінак. Магчыма, палякі занадта цяжка паддаваліся саветызацыі. Так ці інакш, усьлед за Мархлеўшчынай (1935) у 1938 годзе была зьліквідаваная і Дзяржыншчына. Школы, бібліятэкі, іншыя польскія культурныя асяродкі былі зачыненыя. Многія этнічныя палякі былі высланыя ў Казахстан і Сыбір.
Падрабязнасьці існаваньня і ліквідацыі польскіх аўтаномій за савецкім часам замоўчваліся.