Наўгародзкая рэспубліка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Наўгародзкая рэспубліка — дзяржава на паўночным захадзе і поўначы сучаснай Расеі ў 1136–1478. Галоўны горад: Ноўгарад.
[рэдагаваць] Гісторыя
Наўгародзкая рэспубліка актыўна калянізавала землі на поўнач і ўсход да Паўночнага Ледавітага акіяна і Ўрала (Югру, Вятку, Пермь і г.д.). Да Болатаўскага дагавору (1348) яна намінальна ўключала таксама тэрыторыю Пскоўскай феадальнай рэспублікі. Органы кіраваньня — баярская рада, веча, якое выбірала епіскапа (затым архіепіскапа), пасадніка, тысяцкага. Князі запрашаліся па дагаворы зь вечам і былі галоўным чынам ваеначальнікамі. Разьвітая сыстэма мясцовага самакіраваньня існавала таксама ў іншых гарадзкіх цэнтрах. З усіх рускіх земляў Наўгародзкая рэспубліка падтрымлівала найбольш цесныя гандлёвыя і культурныя кантакты з Заходняй Эўропай (у тым ліку з Ганзай, якая трымала ў Ноўгарадзе буйную факторыю) і была самай эканамічна і культурна разьвітай часткай Русі. Адносна шырока была распаўсюджана пісьменнасьць, існавалі багатыя традыцыі летапісаньня (наўгародзкія летапісы зьмяшчаюць шмат каштоўных зьвестак па гісторыі ВКЛ); у канцы 15 стагодзьдзя пачала пранікаць эўрапейская вучонасьць, з'явіліся першыя на Русі ерасі, ўзнікалі навуковыя гурткі.
Развіцьцё Наўгародзкай рэспублікі адбывалася ва ўмовах сталай агрэсіі з боку суседзяў: за сваю гісторыю яна 26 разоў ваявала са Швэцыяй і 11 разоў зь Лівонскім Ордэнам. Часта яе саюзьнікам у барацьбе зь імі выступала Полацкае княства. За першую палову 13 стагодзьдзя Наўгародзкая рэспубліка адбіла каля 15 літоўскіх «набегаў»; пасьля буйнога паражэньня літоўцаў у 1245 з ВКЛ усталяваліся параўнаўча мірныя адносіны. З 1330-х гадоў ВКЛ імкнулася ўсталяваць сюзэрэнітэт над Наўгародзкай рэспублікай (глядзі Нарымонт), что выклікала процідзеяньне Маскоўскага Вялікага княства. Гэта дазваляла Наўгародзкай рэспубліцы лавіраваць паміж гэтымі двума буйнымі дзяржавамі і працяглы час захоўваць незалежнасьць. Служылымі князямі часта запрашаліся князі з ВКЛ (Лугвен, Нарымонтавічы і іншыя), якім традыцыйна прадастаўляліся для «кармленьня» Ладага, Арэшак, Карэла, Капор'е. Паралельна з гэтай існавала «маскоўская сыстэма кармленьняў», куды запрашаліся служылыя князі з тэрыторый, падкантрольных Маскве. І Масква, і Літва актыўна ўмешваліся ў барацьбу наўгародзкіх «партый», падтрымліваючы сваіх прыхільнікаў ваеннай сілай (напрыклад, Альгерд у 1345).
На працягу ўсяго свайго княжаньня Вітаўт пры падтрымцы Ягайлы імкнуўся ўсталяваць кантроль над Ноўгарадам і Псковам. Яшчэ ў 1389 Лугвен склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзэрэну Наўгародзкай рэспублікі (што трымалася ў тайне ад самiх наўгародцаў). Паводле ўмоў Салінскай дамовы (1398) і Рацёнжскай дамовы (1404) прадугледжвалася садзейнічаньне Лівонскага Ордэна ў далучэньні Наўгародзкай рэспублікі да ВКЛ; у другой палове 1410-х папы Ян XXIII i Марцін V выдалi некалькi булаў, прызначаючы Вітаўта і Ягайлу генеральнымі вiкарыямі Ноўгарада і Пскова, але ім ўдалося захаваць самастойнасьць. На працягу, прынамсi, двух наступных стагодзьдзяў перакананьне, што Ягайла i Вітаўт "валодалi" Hоўгаpадам, было хаця i неабгpунтаваным, але дастаткова pаспаўсюджаным у Лiтве i Польшчы і доўгі час служыла падставай для прэтэнзій на «вяртанне» Ноўгарада ў склад ВКЛ. Спрабуючы захапіць Ноўгарад, Вітаўт вёў супраць яго войны (асабліва маштабную ў 1428), якія не прынеслі рэальных вынікаў.
Найбольшы росквіт эканомікі і культуры дасягнуты пры архіепіскапе Яўфiмiі II (1429–1458), пасьлядоўным прыхільніку незалежнасьці. На працягу 15 стагодзьдзя Hаўгаpодзкае аpхiепiскапства падпаpадкоўвалася Ўладзiмiрскай (фактычна — Маскоўскай) мiтpаполii толькi фаpмальна і мела цесныя кантакты з Кіеўскай (фактычна — Наваградзкай) мітраполіяй. Аpхiепiскапы, юpысдыкцыя якiх пашыpалася i на Пскоў, дэманстpатыўна ўхiлялiся ад удзелу ў цаpкоўных сабоpах у Маскве; у той жа час, прадстаўнікі Ноўгарада ўваходзілі ў дэлегацыю мітрапаліта Цамблака на Канстанцкі сабор 1414–1418. Аднак пасьля Яжэлбіцкага міра з Масквой (1456) ступень незалежнасьці Наўгародзкай фэадальнай рэспублікі ў правядзеньні зьнешняй палітыкі была значна абмежаваная. Пасьля сьмерцi архiепiскапа Iоны ў 1470, адчуваючы непазьбежнасьць страты незалежнасьці, кіруючыя колы Наўгародзкай рэспублікі схіляліся да збліжэньня з ВКЛ. Яны запрасiлі да сябе з ВКЛ кiеўскага князя Мiхаiла Алелькавiча, зьбiраліся зацьвердзiць свайго новага архiепiскапа ў кiеўскага мiтрапалiта Грыгорыя Балгарына і былi гатовыя прызнаць Казіміра ІV сваім сюзэрэнам. На гэтыя «лацiнскiя» сымпатыі Вялiкага Ноўгарада, а галоўнае, на імкненьне пралітоўскай партыі захаваць наўгародзкую «даўніну», Масква адказала карнай выправай, у выніку якой Ноўгарад быў змушаны падпісаць ганебны Карастынскі мір (11 жніўня 1471). Канчаткова незалежнасьць Наўгародзкай рэспублікі была ліквідаваная вялікім князем маскоўскім Іванам ІІІ у 1478.
[рэдагаваць] Літаратура
- Розов Н.Н. Повесть о новгородском белом клобуке (идейное содержание, время и место составления) // Учёные записки ЛГУ. Сер. филолог. наук. Вып. 20, № 173. Л., 1954
- Лихачёв Д. С. Новгород Великий. Очерк истории культуры Новгорода XІ—XVІІ вв. М., 1959
- Бернадский В. Н. Новгород и Новгородская земля в XV в. М. – Л., 1961
- Янин В. Л. Новгородские посадники. Л., 1962
- Янин В. Л. Новгородская феодальная вотчина (историко-генеалогическое исследование). М., 1981
- Konieczny F. Jerzy Semionowicz Ostrogski w Nowgorodzie w 1459 / 59 // Ateneum Wilenskie. T. III. 1925
- Krupa K. Ksiâ!eta litewscy w Nowogrodzie Wielkim do 1430 r. // Kwartalnik historyczny. R. C. 1993. № 1.
Крыніца: Алесь Белы для ЭГБ