Нарымонтавічы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Нарымонтавічы — група княжацкіх родаў у ВКЛ, Наўгародскай феадальнай рэспубліцы і Маскоўскай дзяржаве, нашчадкі Нарымонта. Галіна Гедзімінавічаў. Найбольш вядомыя:
Міхаіл — старэйшы сын Нарымонта, князь пінскі (сярэдзіна XIV стагоддзя). Магчыма, тоесны Міхаілу, затрыманаму ханам Джанібекам у 1348 годзе разам з іншымі літоўскімі пасламі ў Арду, а таксама Міхаілу, першаму вядомаму друцкаму князю пасля далучэння Друцкага княства да ВКЛ, родапачынальніку князёў Друцкіх, які вядомы паводле грэчаскага Ватыканскага зборніку сярэдзіны XIV стагоддзя. Напаўфантастычны радавод Друцкіх, які захаваўся ў маскоўскай лініі гэтага роду і называе Міхаіла Друцкага сынам невядомага паводле іншых крыніц князя Рамана, нібыта сына Аляксандра Уладзіміравіча Бэлзскага, магчыма, утрымлівае інфармацыю, якая паказвае на сапраўднае паходжанне Міхаіла: брат Міхаіла Нарымонтавіча Юрый (а не Аляксандр) сапраўды княжыў у Бэлзы на захадзе Валыні і меў сына Рамана. Скажэнне радаводу маскоўскай галіной князёў Друцкіх можа быць аднесенае да сярэдзіны XVI стагоддзя, калі паходжанне ад Рурыкавічаў лічылася ў Маскоўскай дзяржаве больш прэстыжным і бяспечным, чым ад Гедзімінавічаў.
Аляксандр († да 1386) — сын Нарымонта. Некаторы час (да 1338 году) быў яго намеснікам у Арэшку. Магчыма, яго сынамі былі Даніла і Юры Аляксандравічы (князі капорскія ?), згаданыя ў 1407 годзе.
Юрый Нос († пасля 1398) — сын Нарымонта. У 1352 годзе княжыў у Бэлзе, бараніў горад ад аблогі венгерскага караля Людвіка I. У 1354 годзе атрымаў Крамянец як васал і ВКЛ і Польшчы. У 1366 прызнаў сюзэрэнітэт Казіміра III над Бэлзам, атрымаў ад яго Холмскую зямлю. У 1376 годзе выступіў супраць польска-венгерскай гегемоніі на Заходняй Украіне, разам з Кейстутам і Любартам наязджаў на Сандомір, Тарнаў і Кракаў. У адказ Людвік І арганізаваў у 1377 годзе карную выправу, у выніку якой Юры страціў свае ўладанні на Валыні. У 1378 – 1379 гадах у Венгрыі, з 1379 пэўны час служылы князем у Вялікім Ноўгарадзе. У 1387 годзе дапамагаў Ягайлу ў выцясненні венграў з Галіча. У 1390 – 1392 годах закладнік Вітаўта ў Ордэне. У 1398 годзе быў пінскім князем, падпісаў Салінскі (Залінвердэрскі) дагавор. У хроніцы Быхаўца і Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай паведамляецца пра яго намесніцтва ад імя Вітаўта ў Пскове ў 1410-х – 1420-х гадах, але гэта не пацвярджаецца рускімі крыніцамі.
Патрыкей († пасля 1408) — сын Нарымонта. У 1383 – 1386 гадах і пэўны час па 1398 год — служылы князь у Вялікім Ноўгарадзе. У 1408 годзе выехаў у Маскоўскую дзяржаву ў свіце Свідрыгайлы.
Раман († 1398) — сын Юрыя Носа. Упершыню згадваецца ў 1379 побач з бацькам як служылы князь у Порхаве (Вялікі Ноўгарад). У 1394 годзе ўзначальваў наўгародцаў у вайне супраць Пскова, у 1395 годзе — у паходзе на маскоўскія воласці Клічан і Усцюжню. Загінуў у бітве на рацэ Шалонь.
Іван Нос († 12 жніўня 1399) — сын Юрыя Носа. У 1386 годзе атрымаў ад Ягайлы Любачоў на Валыні. Загінуў у бітве на Воскле 1398 году.
Аляксандр († пасля 1410) — сын Патрыкея. Княжыў у Старадубе, пасля 1407 году — у Корцы (Усходняя Валынь). У 1402 годзе ўдзельнічаў у бітве з разанцамі пад Любуцкам. Заснавальнік княскага роду Карэцкіх — адзінай галіны Нарымонтавічаў, якая засталася ў ВКЛ (згасла ў 1651 годзе).
Фёдар († 1426) — сын Патрыкея. Да ад'езду ў Маскву (1408) — князь рыльскі. У 1420 годзе — намеснік вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзмітрыевіча ў Вялікім Ноўгарадзе, у 1424 – 1425 гадах — у Пскове. Заснавальнік рускага княскага роду Хаванскіх.
Юрый († пасля 1446) — сын Патрыкея. З 1418 жанаты з дачкой вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзмітрыевіча (Аннай ці Марыяй). Удзельнік феадальнай вайны ў Маскоўскай дзяржаве 1425 – 1453 гадах на баку Васіля II Цёмнага. Заснавальнік рускіх княскіх родаў Булгакавых, Галіцыных, Куракіных, Шчаняцевых, Патрыкеевых.
Аляксандр Нос († пасля 1436) — сын Івана Юр'евіча. У 1418 годзе адзін з арганізатараў вызвалення Свідрыгайлы з Крамянецкага замку. У 1431 годзе атрымаў ад апошняга Луцкае княства. Імкнучыся захаваць Луцк, спачатку падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе з Жыгімонтам Кейстутавічам, з 1434 году перайшоў на бок апошняга, пазней ізноў перайшоў да Свідрыгайлы. Бяздзетны.
Апроч таго, паводле няпэўных звестак польскага гісторыка Пузыны, да Нарымонтавічаў належала дынастыя князёў Давыд-Гарадоцкага княства, заснавальнікам якой быў Дзмітрый, нібыта сын Нарымонта. Да яе належалі таксама Давыд, сын Дзмітрыя († да 1431) і Дзмітрый (Мітка, † каля 1442), сын Давыда.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»
[рэдагаваць] Знешнія спасылкі
[рэдагаваць] Літаратура
- Stadnicki K. Bracia Władysława Jagielly. Lwów, 1867.
- Wolff J. Ród Giedymina. Kraków, 1886.
- Tenże.. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Приселков М. Д., Фасмер М. Р. Отрывки В. Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV в. // Изв. ОРЯС, 1916, Т. 21, кн. 1.
- Puzyna J. Narymunt Giedyminowicz // Miesięcznik Heraldyczny. R. 9, 1930. № 3.
- Tenże. Potomstwo Narymunta Giedyminowicza // Miesięcznik Heraldyczny. R. 11, 1932. № 10.
- Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. К., 1987.
- Зимин А. А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988.