Мялецій Сматрыцкі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Мялецій (Мялеці) Сматры́цкі (сьвецкае імя Максім Герасімовіч, нар. 1570-ыя – памёр 17 (27) сьнежня 1633, укр. Мелетій Смотрицький) — украінскі і беларускі грамадзка-палітычны і царкоўны дзеяч, мовазнаўца, пісьменьнік.
Нарадзіўся праўдападобна ў 1575 або 1577 годзе ў мястэчку Смотрыч (цяпер Хмяльніцкая вобласьць Украіны). Скончыў філязофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, потым слухаў лекцыі ў Ляйпцыгскім, Вітэнбэргскім і Нюрнбэрнгскім унівэрсытэтах. З 1601 — у маёнтках князя Б.Саламярэцкага на Магілёўшчыне і Меншчыне. Каля 1608 году пераехаў у Вільню, дзе праўдападобна займаўся выкладаньнем у Віленскім праваслаўным брацтве. Пісаў на старажытных беларускай і ўкраінскай, лацінскай, польскай мовах.
Выступаў супраць Берасьцейскай вуніі 1596. У 1610 пад псэўданімам Тэафіл Артолёг выдаў кнігу «Трэнас» («Θринос», па-грэцку «плач»), у якой заклікаў беларускі і ўкраінскі народы да аб'яднання супраць каталіцкай экспансіі.
У 1615-1618 выкладаў царконаславянскую мову ў Кіеве. У 1618 вярнуўся ў Вільню, дзе ў Старадухаўскім манастыры пастрыгся ў манахі пад імем Мялеці.
У 1615 годзе апублікаваў граматыку грэцкай мовы. Але ягоны найбольш вядомы твор — «Граматыкі славенскія правільна сінтагма...» (выдадзеная прыблізна ў 1618-1619), у якой ўпершыню на такім высокім навуковым узроўні тлумачыліся артаграфія, этымалёгія і сынтаксіс стараславянскай мовы.
З 1620 некананічна высьвячэньны на арцыбіскупа полацкага. Не атрымаў дзяржаўнага прызнаньня і пастаўленьня. Карыстаўся тытулатурай арцыбіскупа Полацкага, Віцебскага і Мсьціслаўскага, гэткай праваслаўнай епархіі не існавала і на катэдры Сматрыцкі ніколі не засядаў. У цягу часу атрымаў фактычнае прызнаньне біскупскага ранга, зьвязанае са спробамі далучыць застаўшыхся праваслаўных да грэка-каталіцкай царквы.
У 1627 таемна перайшоў на бок уніятаў, у 1628 гэта стала вядома і Сматрыцкі афіцыйна прызнаў сваю прыналежнасьць да Грэка-каталіцкай царквы. Пазбаўлены 1628.08.10 рангаў у Праваслаўнай царкве. Адмовіўся ад сваіх антыўніяцкіх твораў, выступаў супраць праваслаўных пісьменьнікаў-палемістаў.