Літоўскі правінцыйны камітэт
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) быў створаны ў Вільні ўлетку 1862 года з мэтай падрыхтоўкі паўстаньня супраць царызму. Фармальна ЛПК быў падпарадкаваны Цэнтральнаму Нацыянальнаму камітэту (ЦНК). У ЛПК уваходзілі прадстаўнікі як «чырвоных», так і «белых». Па ініцыятыве ЛПК зьбіраліся сродкі на правядзеньне паўстаньня, набывалася зброя і былі створаныя мясцовыя рэвалюцыйныя арганізацыі: Гарадзенская (К.Каліноўскі), Менская (А.Трусаў), Наваградзкая (У.Борзабогаты) і іншыя. Найбольш масавай ды актыўнай сярод мясцовых арганізацый была Гарадзенская. Кастусь Каліноўскі, яе кіраўнік, стаў адным з уплывовых кіраўнікоў ЛПК, а ў кастрычніку 1862 году ўзначаліў яго.
У студзені 1863 года на тэрыторыі Польшчы пачалося паўстаньне, што стала нечаканасьцю для беларускіх рэвалюцыянераў, але было неадкладна падтрыманае імі. 1 лютага ЛПК узяў на сябе функцыі ўлады і выдаў праграмныя дакумэнты, якія дублявалі праграму польскіх аднадумцаў. Насельніцтва Краю заклікалася да паўстаньня, усе жыхары незалежна ад веры, стану ды паходжаньня аб'яўляліся свабоднымі і раўнапраўнымі. У сялянскую ўласнасьць пераходзілі зямельныя надзелы, з памешчыкамі за зямлю павінна была разьлічыцца дзяржава. Рэкруцкая павіннасьць замянялася 3-гадовай усеагульнай вайсковай павіннасьцю. Аднаўлялася Уніяцкая царква.
Сярод кіраўнікоў паўстаньня адсутнічала адзінства, разгарнулася барацьба за ўладу. «Белыя» ўсталявалі кантроль над кіруючымі органамі спачатку ў Варшаве, а потым і на месцах. У сакавіку 1863 году ЛПК быў распушчаны і створаны «Аддзел, кіруючы правінцыямі Літвы». Каліноўскі і ягоныя паплечнікі падпарадкаваліся, каб пазьбегнуць расколу.