Ляпляндзкая вайна
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Ляпля́ндзкая вайна́ (па-фінску: Lapin sota) — ваенныя дзеяньні паміж Фінляндыяй і Нямеччынай, якія адбываліся з верасьня 1944 па красавік 1945. Гэтая вайна атрымала назву ляпляндзкая, бо праходзіла ў паўночнай фінскай правінцыі — Ляпляндыі.
Улетку 1943 нямецкае вярхоўнае камандаваньне пачало рыхтавацца да магчымага мірнага пагадненьня паміж Фінляндыяй і СССР. Немцы плянавалі згуртаваць вайсковыя сілы на поўначы Фінляндыі, каб абараніць нікелевыя шахты каля мястэчка Пэтсамо (зараз гэта пасёлак Печэнга Мурманскай вобласьці). Цягам зімы 1943 – 1944 немцы паляпшалі дарогі ад паўночнай часткі Нарвэгіі да паўночнай часткі Фінляндыі, шырока ўжываючы працу ваеннапалонных (многія зь іх былі схоплены ў паўднёвай Эўропе, і апранутыя ў летнюю ўніформу, таму страты былі вялікія), і разьмясьцілі ў тым рэгіёне склады. Такім чынам, калі ў верасьні 1944 Фінляндыя заключыла мірнае пагадненьне з Савецкім Саюзам, немцы былі добра падрыхтаваныя.
У той час, калі наземныя сілы Нямеччыны адступілі на поўнач, нямецкі флёт замінаваў падыход да Фінляндыі з боку мора, і падчас апэрацыі «Tanne Ost» паспрабаваў захапіць выспу Suursaari у Фінскай затоцы. Хаця некаторыя чыны Вэрмахта і фінскія армейскія афіцэры намагаліся арганізаваць адносна мірную перадачу вострава, сутычкі паміж нямецкімі і фінскімі войскамі пачаліся нават раней за падпісаньне папярэдняга савецка-фінскага пагадненьня. Барацьба ўзмацнілася, калі фіны спрабавалі выканаць савецкае патрабаваньне выслаць усе нямецкія войскі з Фінляндыі. Такім чынам фіны апынуліся ў такім жа становішчы, як раней італьянцы і румыны, якія пасьля капітуляцыі саюзным войскам, вымушаныя былі змагацца за вызваленьне сваіх краін ад нямецкіх войск. Задача фінаў была ўскладнена савецкім патрабаваньнем дэмабілізаваць большую частку фінскай арміі, нават падчас кампаніі супраць немцаў.
Фінскі генэрал Hjalmar Siilasvuo, пераможца ў бітве ля Suomussalmi, кіраваў дзеяньнямі супраць немцаў, і ў кастрычніку – лістападзе 1944 вызваліў ад іх большую частку паўночнай Фінляндыі. Аднак нямецкія сілы на чале з генэралам Lothar Rendulic спустошылі вялікі абшар поўначы Фінляндыі, ужываючы тактыку "выпаленай зямлі". Больш за траціну жыльля была зруйнаваная, а горад Rovaniemi быў зьнішчаны цалкам. Акрамя маёмасных страт, ацэненых у прыблізна 300 мільёнаў даляраў ЗША (у коштах 1945 года), каля 100 тысяч жыхароў сталі бежанцамі, што дадало праблемаў пасьляваеннага аднаўленьня. (Пасьля заканчэньня вайны Саюзьнікі абвінавацілі Рэндуліча ў ваенных злачынствах і прысудзілі яму 20 гадоў зьняволеньня). Апошнія нямецкія вайсковыя часткі былі выгнаны ў красавіку 1945.
Ваенныя страты былі адносна невялікімі: 1000 чалавек з фінскага боку і прыблізна 2000 зь нямецкага.
З гэтай вайной зьвязана зьяўленьне ў фінскім календары такіх памятных дат, як Дзень памяці загінуўшых і Нацыянальны дзень вэтэранаў.
[рэдагаваць] Зьнешнія спасылкі
- Мапы, фотаздымкі (па-ангельску й па-фінску)