Давыд Гарадзенскі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Давыд (каля 1283-1326), палкаводзец і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, стараста гарадзенскі.
[рэдагаваць] Паходжанне і радавод
Сын нальшчанскага князя Даўмонта, які ў 1266 годзе ад'ехаў разам з дваром і 300 баярамі з Крэва ў Пскоў пасля крывавай міжусобнай барацьбы з Міндоўгам, і княжны Марыі Дзмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага. Пасля смерці бацькі ў 1299 годзе перайшоў у Горадню, дзе паступіў на службу да князя Гедзіміна. Ажаніўся з дачкой Гедзіміна Бірутай.
[рэдагаваць] Жыццё і дзейнасць
У 1305 годзе разам з Гедзімінам разбіў каля Горадні войскі каменданта Брандэнбурга комтура Конрада Ліхтэнхагена. У 1306 годзе ўзначаліў паспяховую абарону Гарадзенскага замка, які аблажылі 6 тысяч лёгкіх коннікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваннем комтура Караляўца (Кёнігсберга) Эберхарда Вірненбурга. У 1314 разбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і знішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю. У 1318 (1319?) годзе ўзначаліў паход гарадзенцаў на Прусію, у веснавую паводку заваяваў вобласць Вагенштоф, якую абаранялі комтуры Ульрых Дрымбе і Фрыдрых Квітц. У 1322 годзе дапамог Пскову ў барацьбе з Лівонскім ордэнам, у 1323 годзе разбіў пад яго сценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвеля. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія асаджалі горад 18 дзён, а потым разбіў іх. У 1324 годзе арганізаваў паход войск ВКЛ на Мазовію. У 1326 годзе на чале атрада з 1200 коннікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, і той па-здрадніцку забіў Давыда. Пахаваны каля сцен Барысаглебскага манастыра.